22 сакавіка мы адзначаем трагічную дату — васьмідзесяцігоддзе Хатынскай трагедыі

22.03.2023

Фашысцкія нелюдзі спалілі дваццаць шэсць беларускіх вёсак разам  з жыхарамі. Сястрой Хатыні стала невялічкая лясная вёска Ваўчкі. Яна знаходзіцца на мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. На памятным знаку, пастаўленым уцалелымі аднавяскоўцамі, напісана: “ Сёмага ліпеня 1944 г. вёска спалена. Жыхары расстраляны за сувязь з партызанамі”.

Дваццаць другога сакавіка 2023 г. ля памятнага знака, што знаходзіцца  ў вёсцы Ваўчкі, адбыўся мітынг. Простымі шчырымі словамі людзі гаварылі пра трагедыю Хатыні, пра сцёртыя з твару беларускай зямлі гарады і вёскі, пра мільёны загубленых лёсаў, пра генацыд беларусаў, пра тое, што  Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 2023 год аб’яўлены Годам міру і тварэння.

Перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Бохан С.М. Ён заклікаў ўсіх захоўваць гістарычную памяць, рабіць усё для таго, каб трагедыя на нашай зямлі не паўтарылася. Выступоўца падкрэсліў, што беларусы- мірныя людзі, але ў выпадку варожай навалы яны  гатовы з годнасцю бараніць родную зямлю.

 Старшыня Гарадоцкага сельскага выканаўчага камітэта Верацейка М.К., таксама падкрэсліў неабходнасць  памятаць пра шматлікія ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкоўваць тэрыторыю каля помнікаў, перадаваць інфармацыю пра гераічныя падзеі з пакалення ў пакаленне.

Сярод прысутных былі вучні Селеўскай базавай школы. З затоеным дыханнем яны слухалі пра трагічныя падзеі свайго краю, пра спаленую Хатынь. Сціх дзіцячы гоман. Нізка схіліўшы галовы, вучні клалі да падножжа кветкі…